ЗНАКАМІТЫЯ МЕДЫКІ
ЗНАКАМІТЫЯ МЕДЫКІ
БАЛЫЧАЎ Іван Васільевіч (1891-1988)
Балычев Иван ВасильевичНарадзіўся ў 1891 г. у горадзе Стары Аскол Курскай вобласці. У 1917 г. закончыў медыцынскі факультэт Казанскага універсітэта. 3 1918 г. па 1946 г. працаваў урачом у медыцынскіх установах Курскай, Чэлябінскай, Адыгейскай аўтатомнай абласцей.
З 1946 г. у Слоніме – урач, загадчык спецыялізаванага аддзялення Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы. 3 1967 г. на пенсіі. У 1961 г. прысвоена званне «Заслужаны ўрач БССР». Памёр у 1988 г.
ІГНАЦІК Міхаіл Іванавіч (нар. 1927)
Игнатик Михаил ИвановичНарадзіўся ў 1927 г. у в. Ніз. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны – сувязны Ленінскай партызанскай брыгады, партызан атрада «Непераможны». У 1952 г. закончыў Мінскі медыцынскі інстытут. 3 1954 г. працаваў у сістэме аховы здароўя Гродзенскай вобласці – галоўны ўрач Сапоцкінскай раённай бальніцы.
Потым у Слоніме – урач-інфекцыяніст, галоўны ўрач станцыі хуткай дапамогі, галоўны ўрач інфекцыйнай бальніцы. 3 1995 г. на пенсіі. У 1975 г. прысвоена званне «Заслужаны ўрач БССР». Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, 7 медалямі.
МАКАВЕЦ Надзея Мікітаўна (нар. 1917)
Маковец Надежда НикитовнаНарадзілася ў 1917 г. у в. Песчанец 2-і Любанскага раёна. Закончыла педагагічныя курсы ў г. Любань. Працавала настаўніцай пачатковых класаў у Любанскім раёне, у 1945 г. закончыла Мінскі медыцынскі інстытут. Працавала загадчыцай Руднянскага ўрачэбнага ўчастка Жыткавіцкага раёна.
З 1946 г. у Слоніме – урач інфекцыйнай бальніцы, тэрапеўт, 38 гадоў загадвала тэрапеўтычным аддзяленнем раённай бальніцы, працавала галоўным урачом Дома санітарнай асветы. 3 1989 г. на пенсіі. У 1966 г. прысвоена званне «Заслужаны ўрач БССР». Узнагароджана 2 медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Падрыхтавалі: Л.І. Ачапоўская, К.К. Дзятчык, А.В. Зімніцкі,
Л.І. Мукасей, А.П. Паталятава, А.М. Тарсуноў.
ПРАКАПЧУК Андрэй Якаўлевіч (1896-1970)
Прокопчук Андрей ЯковлевичБеларускі вучоны ў галіне дэрматавенералогіі. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1944). Акадэмік АН БССР (1940), член-карэспан-дэнт (1936), доктар медыцынскіх навук (1936), прафесар (1931). З 1927 г. у клініцы скурных і венерычных хваробаў БДУ. З 1931 г. загадчык кафедры дэрматавенералогіі Мінскага медыцынскага інстытута, адначасова ў 1932-1938, 1945-1963 г. дырэктар скурна-венералагічнага НДІ Міністэрства аховы здароўя БССР.
Андрэй Якаўлевіч Пракапчук нарадзіўся 16 ліпеня 1896 года ў вёсцы Чамяры. Тут прайшло яго дзяцінства. Скончыў Слонімскае гарадское вучылішча, пасля настаўніцкія курсы, якія знаходзіліся ў мястэчку Свянцяны Віленскай губерні. Час на курсах прайшоў хутка. Неўзабаве А.Я. Пракапчук апынуўся ў Жыкморах Трокскага павета настаўнікам. У Жыкморскай школе было пяцігадовае навучэнне, таму дасталіся яму пачатковыя класы. У жніўні 1914 г. А.Я. Пракапчука прызвалі ў войска.
Служыў салдатам у першай роце лейб-гвардыі Пецярбургскага палка. А ў шпіталі сустрэў свайго земляка з Жыровіч Аляксандра Станкевіча, які быў тут фельчарам. Менавіта Станкевіч і павярнуў лёс Пракапчука да яго будучай прафесіі. Ён уладкаваў Андрэя ў шпіталь, а пасля параіў паступаць на курсы ротных фельчараў. Пасля курсаў Андрэй Якаўлевіч Пракапчук вяртаецца ў Беларусь. Пэўны час працуе настаўнікам ў Нясвіжы. Тут ён знаёміцца з нясвіжскімі рэвалюцыянерамі. Усе разам ствараюць атрад, узбройваюцца. А.Я. Пракапчук з сябрамі арганізоўвае гурткі па ліквідацыі непісьменнасці, хаты-чытальні, рыхтуе спісы па падзелу памешчыцкіх зямель… Аднак не доўга існавала Савецкая ўлада на Нясвіжчыне. У лютым 1918 года сюды ўступаюць войскі кайзераўскай Германіі. Пачынаюцца здзекі, грабяжы, арышты. Быў схоплены і Андрэй Пракапчук. Яго адвезлі ў Нясвіж і кінулі ў камеру. Праз некаторы час пасля неаднаразовых просьбаў і пісьмовых прашэнняў сялян многіх вёсак А.Я. Пракапчука адпускаюць пад каменданцкі нагляд.
Апынуўшыся на волі, Андрэй Якаўлевіч адразу заняўся падпольнай работай, пачаў збіраць надзейных людзей. Праз некаторы час ён арганізаваў партызанскі атрад, які ў маі 1918 года наладзіў сувязь з іншымі атрадамі і наносіў адчувальныя ўдары па ворагу.
У канцы лістапада 1918-га немцы пакінулі горад Нясвіж. Атрад Пракапчука заняў асноўныя гарадскія ўстановы. Зноў быў створаны рэвалюцыйны камітэт. Андрэя Якаўлевіча Пракапчука прызначаюць ваенным камісарам Нясвіжа. Ён умацоўвае свой атрад і стварае новыя…
У 1920 годзе А.Я. Пракапчук паступае на медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта. Яго адразу залічваюць на чацвёрты курс. У час вучобы, нашага земляка выбіраюць старастам групы. I быў ён не проста стараста, а стараста-«выручалачка»: пісаў за ўсю групу гісторыі хвароб. У больш вольны час хадзіў на дзяжурствы ў другую гарадскую клініку Масквы, дзе вядучым хірургам быў урач Вейсброд. Неяк прывезлі парадзіху, якая ніяк не магла нарадзіць, чатыры дні праляжала на стале ў непрытомнасці. Вейсброд вырашыў рабіць кесарава сячэнне. Здавалася, усё будзе добра. Аднак дзіця праз дзве гадзіны памерла, а яшчэ праз некалькі гадзін памерла і маці… На другі дзень, калі разбіралі гэты выпадак, Андрэй Якаўлевіч Пракапчук сказаў: «Не трэба было рабіць кесарава сячэнне. Я дастаў бы дзіця звычайным шляхам. Праўда, яно было б мёртвае, але затое жанчына засталася б жыць». Вейсброд раз’юшыўся, раскрычаўся: маўляў, яйцо курыцу вучыць. А пасля перавёў Пракапчука ў скурную бальніцу да прафесара Мяшчэрскага.
Германа Іванавіча Мяшчэрскага наш зямляк ужо ведаў, бо здаваў яму экзамен па дэрматалогіі. Адказваў, трэба прызнацца, кепска, на троечку. «Ну, што ж, пастаўце яму тройку. Дэрматолага з яго ўсё роўна не будзе», – казаў свайму асістэнту прафесар. Праз многа гадоў, калі працы А.Я. Пракапчука па дэрматалогіі былі прадстаўлены ў якасці дакладаў на міжнародным кангрэсе дэрматолагаў у Будапешце, наш зямляк, сустрэўшыся з Мяшчэрскім у Маскве, напомніў яму гэтую яго фразу. Прафесар доўга рагатаў. Але гэта было пазней. А тады чамяровец з пэўнай асцярогай узяўся за новую для сябе справу…
Работа з Мяшчэрскім ужо не ў якасці студэнта-практыканта, а ўрача была для Пракапчука вялікай школай, навучыла самастойна думаць. Прафесар бачыў гэта і, калі Пяцігорскай гразелячэбніцы спатрэбіўся спецыяліст, парэкамендаваў яго.
Пасля заканчэння Маскоўскага медуніверсітэта працаваў у Пяцігорскай гразелячэбніцы. Менавіта тут пачалася дарога нашага земляка ў навуку: ён пачаў сапраўдныя даследаванні, якія павінны былі вызначыць, у прыватнасці, дозу ўжывання лекавай гразі. Пра сваю работу ў Пяцігорску Пракапчук паведаміў у навуковым друку. «Русский вестник дерматологии» надрукаваў яго артыкул аб аміятрофіях, а часопіс «Курортное дело» змясціў артыкул «Лячэнне сіфілісу на каўказскіх мінеральных водах». Пасля гэтага яму прапанавалі пасаду ўрача Мінводаў. Гэта была вялікая радасць для Андрэя Якаўлевіча Пракапчука. Праўда, праз некаторы час яго зноў выклікаюць у Маскву, і на Каўказ ён больш не вярнуўся. Справа ў тым, што ў Маскве старшыня ЦВК БССР Чарвякоў сабраў у беларускім прадстаўніцтве ўсіх беларусаў, якія вучыліся ў маскоўскіх ВНУ, і паведаміў, што беларускі народ кліча іх на радзіму ў Беларусь. Апошнія месяцы ў Маскве засталіся ў памяці Андрэя Якаўлевіча Пракапчука на ўсё жыццё: на пасяджэнне Массавета білет даў яму Альберт Рыс Вільямс, блізкі сябра і паплечнік выдатнага амерыканскага рэвалюцыянера Джона Рыда…
У 1927 годзе наш зямляк вяртаецца ў Мінск і пачынае працаваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце на медыцынскім факультэце намеснікам дэкана і старшым выкладчыкам кафедры. 3 гэтага універсітэта ў 1928 годзе ён быў камандзіраваны ў Парыж з навуковай мэтай удасканалення сваіх ведаў. У Парыжы ён працаваў у шпіталі святога Людовіка як стажор Сарбоны па дэрматалогіі і венералогіі, а таксама ў Пастэраўскім інстытуце па сералогіі. Яго кіраўнікамі былі вядомыя вучоныя Гужэро, Люсьен Перэна, Гастон Міліян. Гэта быў надзвычай плённы час доктара са Слонімшчыны. Ён атрымаў дыплом Сарбоны па спецыяльнасці гісталогія і яшчэ адзін дыплом, у якім было напісана, што «мусьё Пракапчук мае права загадваць сералагічнай лабараторыяй у Францыі і яе калоніях…». Акрамя таго, ён надрукаваў у французскіх навуковых выданнях некалькі сваіх прац, у прыватнасці, у часопісе Гастона Мільяна быў змешчаны яго артыкул «Пігментная хвароба Шамберга». Французскія «Аналы дэрматалогіі» змясцілі яго працу «Псіхозы воцатнакіслага калію». Калегі з Францыі, у прыватнасці, гаварылі Пракапчуку, што яго працы вартыя таго, каб на іх падставе абараніць дысертацыю, але ў Парыжы гэта будзе вельмі дорага каштаваць. «Раю вам, – гаварыў Перэн, – вярнуцца ў Расію і абараніць дысертацыю ў інстытуце акадэміка Паўлава». Пракапчук паслухаўся Перэна і напісаў у Ленінград. Адтуль атрымаў станоўчы адказ, пасля чаго пераехаў у Ленінград. Тут нашаму земляку давялося працаваць пад кіраўніцтвам прафесара М.М. Анічкава ў інстытуце эксперыментальнай медыцыны. Дапамагалі А.Я. Пракапчуку не толькі прафесар Анічкаў, але і яго калегі – вядомыя вучоныя. Дзякуючы ім беларускі доктар з Чамяроў пабываў і на славутых паўлаўскіх серадах, быў прадстаўлены вялікаму вучонаму. Між іншым, менавіта акадэмік Паўлаў паспрыяў таму, што яго шэфам стаў прафесар Анічкаў.
У горадзе на Няве А.Я. Пракапчуку была прысуджана ступень доктара медыцыны. Тут ён атрымаў і званне прафесара. Імя нашага земляка Андрэя Якаўлевіча Пракапчука здабыло сусветную славу. Ён з’яўляецца аўтарам больш як 200 навуковых прац, распрацаваў і ўкараніў у практыку метад лячэння чырвонай ваўчанкі акрыхінам. Пад яго кіраўніцтвам дваццаць пяць урачоў напісалі і абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі.
У 1944 годзе А.Я. Пракапчуку было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам дваццаць пяць урачоў напісалі і абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі. Спіс спраў доктара Пракапчука можна доўга працягваць. Да апошніх дзён свайго жыцця наш зямляк працягваў навуковыя пошукі. Усе свае веды, жыццё і працу акадэмік аддаваў ахове здароўя чалавецтва.
Памёр 13 красавіка 1970 г.
Падрыхтаваў С.М. Чыгрын.
ЛІТАРАТУРА:
Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Мн.: БГА, 2000.
Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Слонімскага раёна. – Мн.: БЕЛТА, 2004. – 752 с.: іл. (С. – 631-632, 638).
Слонімшчына вычыма навукоўцаў і краязнаўцаў: матэрыялы рэгіянальнай гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 750-годдзю горада Слоніма і 70-годдзю заснавання Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя І.І. Стаброўскага / Складальнікі Д.С. Аляшкевіч, І.П. Крэнь; Пад рэд. І.П. Крэня. – Слонім: ГАУПП “Слонімская друкарня”, 2002. – 392 с. (С. – 377-380).